Выдатнае снежнае надвор’е дало магчымасць творчым людзям сведчыць плён сваёй работы за летняні перыяд. Сучасныя майстры аднавілі ў ткацтве і пашыве адзення традыцыйны сялянскі жаночы касцюм пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Лідскага раёна. Прыметна тое, што дэманстрацыя рэплік адбылася ў вясковым асяроддзі, а характэрныя зімовыя ўмовы адпавядалі тагачасным. Нашы прабабулі зімой насілі вельмі зручнае і прыгожае адзенне. Галаўныя ўборы жанчын прадстаўлены варыянтамі тканых хустаў розных памераў. Шарсцяныя ахінанакі (вялікія хусты) замянялі вопратку, таму імі пакрывалі галаву, на якой ужо была танчэйшая хустка, завязаная вакол шыі, і ахіналі ўсё цела. У спалучэнні з кажушком падыходзілі хусты сярэдніх памераў, запраўленыя пад варатнік, або махрамі навыпуск, завязанымі канцамі пад бараду. Выдатка глядзіцца хуста, завязаная адным канцом вакол шыі, другім спушчанай на плячо бурносіка, пашытага з паўшарсцянога палатна. Святочныя тканыя андаракі (спадніцы) бытавалі аднатонныя, клятчатыя, у палоску. У халоднае надвор’е маглі спалучалі дзве спадніцы. Было цёпла і глядзелася пышна. Камплекты дапаўняюць вязаныя рукавічкі з воўны, на нагах валёнкі, “буркі” (лямцавы абутак са скураным нізам), боцікі. Над стварэннем рэплік працавала творчая група з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”: метадыст па народнаму касцюму Ірына Дыдышка; майстры па ткацтву: Валянціна Сільвановіч, Марыя Шылкоўская, Яўген Маркевіч; майстар па пашыву адзення Марына Андрушкевіч.

Теги других блогов: традыцыі сялянскі касцюм выстава